БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.Уэб, О.Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л. С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн. чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)